Knigionline.co » Книги Приключения » Авантуры студыёзуса Вырвіча

Авантуры студыёзуса Вырвіча - Людміла Рублеўская (2014)

Авантуры студыёзуса Вырвіча
Это вторая книга, рассказывающая о приключениях в XVIII веке молодого шляхтича Пранциша Вырвича и доктора Варфоломея Лёдника из Полоцка. Сейчас сифилис стал студентом Виленской академии, а доктор Лёдник, бывший слуга Пранциша, - суровым профессором этой академии. Обоим литвином придется отправляться в опасную поездку аж в Англию, через всю Европу, оживлять куклу-автомат по имени Пандора, убивать настоящего дракона, бежать от чумы, выпутываться из магнатских заговоров вокруг трона Речи Посполитой и зарабатывать деньги в лондонском бойцовском клубе ...

Авантуры студыёзуса Вырвіча - Людміла Рублеўская читать онлайн бесплатно полную версию книги

Пралог

Падаць з другога паверху на брукаванку шкодна.

Асабліва калі ты не котка, а студыёзус славутай Віленскай акадэміі, без кропачкі дыпламаваны філосаф. Няхай гэты без аднае кропачкі і коскі філосаф і звык лазіць у вокны і пераадольваць муры, якія перашкаджаюць шляхецкаму парыванню да славы альбо куртуазнай прыгоды.

Але тое, што адважны і мудры студыёзус Пранціш Вырвіч не ўтрымаўся на вузкім выступе пад вакном чароўнай паненкі Агнешкі, дачкі гутніка з вуліцы Шкельнай слаўнага места Вільні, не апраўдвае нават дождж, які зрабіў камяні слізкімі, як прамова пана суддзі Юдыцкага. Гэтак аднойчы жонка Уладзіслава Вазы, каралева Марыся, дзеля цікаўнасці якой прырабілі ў соймавай зале адмысловы балкон, гахнулася разам з тым балконам ды сваймі “дамамі фраўцымера” проста на галовы высокага сойму, ды адна пані яшчэ пры гэтым, зачапіўшыся, з сукенкі вылузалася. Вось ганьбы было… Не менш, чым для Вырвіча цяпер.

Бо яшчэ трошачкі пратрымайся Пранціш ля аканіцаў, фарбаваных у венецыянскі лазурак, панна Агнешка дакладна б упусціла яго ў свой завешаны ружовымі фіранкамі пакойчык, той вырай, куды студыёзус імкнуўся тры тыдні. Панна ўжо нават пяшчотную ручку не адразу з Пранцысевай рукі вырвала… І тут – гэх! Боты паслізнуліся, пальцы расціснуліся, і – канец Бабілонскай вежы і спакусным надзеям… Бо шабля Вырвіча здрадліва загрымела па брукаванцы, якую людцы паспалітыя называлі кацінымі ілбамі, сам кавалер не стрымаў прыкрага ўскрыку ад болю, дый паненка даволі гучна вохнула ад постраху і ляснула аканіцамі, фарбаванымі ў венецыянскі лазурак… І пачаліся пакаранні ягіпецкія. У суседнія вокны павысоўваліся бацька паненкі і ейныя дзве незамужнія цётухны, якія і без таго нешлюбаваных ды гожых мужчын лічылі нечым падобным да выцяжкі з д’яблавага кораню, ад якой глузды едуць, як капыты на лёдзе. І хаця Пранціш амаль зараз жа плітануў, трохі пакульгваючы, па начной вулцы, паспеў наслухацца пра сябе такога, што трохгаловы Цэрбер, ахоўнік падземнага царства, ад сораму адгрыз бы сабе лішнія галовы, а астатняя галава задушылася б уласным слінявым языком. Ды каб толькі словы дагналі Вырвіча… Але рыхтык на ягоную чубатую галаву выплюхнулася змесціва начной вазы, над якім пастаралася адна з Агнешкавых цётачак.

Не тое, каб такое рэчыва было ўнове для віленскай брукаванкі – месцічы, да абурэння прафесара Віленскай акадэміі доктара Лёдніка, не саромеліся карыстацца вулкамі ды дварамі ў якасці прыбіральняў, не падазраючы пра страшнае слова “гігіена”, а на публічныя лекцыі пана прафесара пра магчымую пошасць з прычыны неахайнасці месцічаў вельмі слушна адказвалі, што нядаўні пажар, які прарэдзіў дамы, як зубы ў сківіцы старэчы, неадменна пазабіваў усю заразу…

Але Пранціш не лічыў сябе часткай звыклай да ўсяго брукаванкі, і смярдзючая жыжа, патрапіўшы на ягоны камзол, неяк заўважна ахаладзіла пачуцці да чароўнай дачкі гутніка, што скарыла сэрца студыёзуса крыху санлівым, як у цяляці, паглядам рахманых цёмных вачэй ды натуральнай – не прыклеенай – радзімкай на правай шчочцы.

Але нават успаміны пра натуральную радзімку не маглі перабіць прыкрасці ад атрыманага натуральнага ж “пачастунку”. Да таго ж сапраўдная Чароўная Панна прысутнічала ў сэрцы студыёзуса, схаваная глыбока і надзейна, як у полацкіх сутарэннях, і была гэта зусім не Агнешка Пузыня.

Пранцысь прыбавіў хады – бо нехта са сваякоў паненкі пад’юдзіў гнацца за паганым спакушальнікам цнатлівых дзявіцаў гарадскую варту, і тупат за спінай гучэў пахавальнымі акордамі. Заставалася спадзявацца, што імя спакушальніка не адкрыюць – але спадзеў быў малы, бо гутнік Ёган Пузыня ўжо некалькі разоў адганяў нахабнага, блакітнавокага ды чубатага пана Вырвіча ад сваёй роднай кветачкі, і як зваць студыёуса, ведаў дакладна.

Перейти
Наш сайт автоматически запоминает страницу, где вы остановились, вы можете продолжить чтение в любой момент
Оставить комментарий